Государственное учреждение культуры

«Солигорская районная центральная библиотека»

Государственное учреждение культуры

«Солигорская районная центральная библиотека»

«Лепшы твор прозы»

Мікалай Чаргінец. «А он не вернулся из боя»

Новы раман народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца працягвае раскрываць традыцыйную для аўтара тэму — чалавек і вайна. У аснове — рэальныя падзеі: лёс аднаго з савецкіх воінаў, якія ваявалі ў Афганістане. Галоўны герой, беларус, трапляе ў палон і шмат гадоў адарваны ад роднай зямлі, ад сваёй сям’і. Чытач бачыць экзатычныя месцы — ахоплены вайной Афганістан, пакістанскую турму, нават саваны Зімбабвэ. Паралельна даецца панарама таго, што адбываецца на радзіме галоўнага героя: развал Савецкага Саюза, галодныя 1990-я, станаўленне незалежнай Беларусі.

«Лепшы твор паэзіі»

Алесь Бадак. «Уладар ветру

У кнізе прадстаўлены найлепшыя вершы вядомага паэта за ўсе гады яго творчасці, пачынаючы ад зборніка «Будзень», які пабачыў свет у 1989 годзе, і да раздзела «З пачатай кнігі», дзе змешчаны новыя творы. Лірычны герой — летуценнік, філосаф, беларус, які шчыра любіць сваю радзіму. У зборнік уключана паэма «Ра», якая ў сімвалічнай форме апісвае пакутлівы шлях чалавека да асэнсавання сваёй прыналежнасці роднай зямлі, таго, што толькі яна можа стаць галоўным арыенцірам у пошуках сябе. Тэма гістарычнай памяці, нялёгкага лёсу роднай мовы абвострана раскрываецца і ў гэтай паэме, і ў іншых творах зборніка.

«Драматургія»

Анатоль Андрэеў. «Главные слова для любимой женщины»

Намінацыя «Драматургія» заўсёды самая складаная, бо не кожны год знаходзіліся годныя кандыдаты на перамогу — п’есы асобнымі выданнямі выдаюцца досыць рэдка. Мінулым разам прэмія ў гэтай намінацыі не ўручалася. Сёлета яе атрымаў аўтар рускамоўнага трагікакамедыйнага зборніка Анатоль Андрэеў. Галоўная тэма яго п’ес, займальных, павучальных і нескладаных для пастаноўкі — адносіны паміж мужчынам і жанчынай, сямейныя перыпетыі, тое, што зразумела ва ўсе часы. Нездарма асноўны жанр змешчаных у зборніку твораў — фарс.

«Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства»

Ігар Запрудскі. «Беларуская літаратура і культура XІX стагоддзя: асаблівасці развіцця і актуальныя пытанні даследавання».

Вядомы літаратуразнаўца ўзяўся за нялёгкую і пачэсную задачу: стварыць панараму беларускай літаратуры той эпохі, калі яна не мела магчымасці развівацца напоўніцу, а пасля многія імёны замоўчваліся ці выклікалі спрэчкі аб культурнай прыналежнасці. Даследчык даказвае, што на Беларусі заўсёды нараджаліся таленавітыя творцы, іх плён варты ўвагі і памяці. Манаграфія запаўняе белыя плямы айчыннай гісторыі, ажыўляе постаці беларускага мінулага.

«Лепшы твор для дзяцей і юнацтва»

Алесь Жук. «Лаві зайца!»

Вядомы беларускі пісьменнік Алесь Жук у творах для маленькіх чытачоў застаецца філосафам і майстрам мастацкага вобраза. Пры гэтым яго апавяданні вельмі чытэльныя і зразумелыя дзецям. Яны адкрываюць сучаснаму дзіцяці таемны і бясконцы свет беларускай прыроды, вучаць правільнаму стаўленню да ўсяго жывога, а таксама прышчапляюць павагу да працы, паказваюць, якімі побытавымі навыкамі мусіць валодаць чалавек. Чытаючы кнігу, можна нібыта гартаць каляндар прыроды, адначасова атрымліваць карысныя жыццёвыя парады і паглыбляць веды па беларускай мове.

«Лепшы твор публіцыстыкі»

Андрэй Мукавозчык. «Революция мокрых штанов»

Гэта рэзананснае выданне, у якое ўвайшлі матэрыялы аўтарскай рубрыкі «Накіпела» аглядальніка газеты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка. Рэфлексіі аўтара на нядаўнія палітычныя падзеі вострыя, неабыякавыя, часта саркастычныя. Прыводзіцца шмат фактаў і цытат. Як сцвярджае сам Андрэй Мукавозчык, атрымалася хроніка 2020 года, «сур’ёзны гадавы зрэз». Кніга праілюстравана мастаком газеты «СБ. Беларусь сегодня» Алегам Карповічам, чые малюнкі суправаджалі і кожны выпуск рубрыкі Андрэя Мукавозчыка.

«Лепшы дэбют»

Валерыя Сцяцко. «Нязломны. Аляксей Талай»

Журналістка Выдавецкага дома «Звязда» Валерыя Сцяцко, безумоўна, прапусціла нялёгкі лёс свайго героя праз сэрца — чытаць яе кнігу і застацца абыякавым немагчыма. Хлопчык, які ў шаснаццаць гадоў падарваўся на міне, што засталася з вайны, страціў рукі і ногі, але не здаўся — сапраўдны герой нашага часу. Сёння Аляксей Талай — паралімпійскі чэмпіён, спартыўны і грамадскі дзеяч, бізнесмен, шчаслівы муж і бацька чацвярых дзяцей. Як ён гэтага дасягнуў, аўтар кнігі раскрывае праз шматлікія сведчанні блізкіх, сяброў і знаёмых свайго героя.