21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы – цудоўнае свята, якое аб’ядноўвае людзей у адзіную нацыю, дазваляе ўспомніць свае карані, традыцыі і Радзіму.
Для Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі свята роднай мовы – важная падзея, да якой супрацоўнікі рыхтуюцца штогод. Родная мова заўсёды застаецца роднай, калі хочаш гаварыць ад душы. У гэтым упэўніліся госці і ўдзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі «Дала мне маці мову гэту, як спадчыну і запавет». Мерапрыемства падрыхтавалі ўдзельнікі літаратурна – краязнаўчага аб’яднання «Вытокі» вучні ДУА «Гімназія №2 г. Салігорска».
Кампазіцыя пачалася з імправізацыі верша Я.Купалы «А хто там ідзе?» З першых хвілін той, хто прысутнічаў у зале, змог атрымаць адказ на пытанне, што хвалюе ўсіх нас: дык хто мы такія, беларусы? Патрэбна было выказаць сваю думку пра мову, або штосці прачытаць ці расказаць на сваёй роднай мове. А тым, хто на гэта не адважыўся, прыйшлося паразважаць, каб сабраць прыказкі, знайсці канец кожнай з іх. Веды спатрэбіліся і тым, хто пажадаў з 4-х слоў вылучыць чужыя і абгрунтаваць сваю думку, а кемлівым дасталіся пытанні «Адгадай-ка». Незвычайнае хараство і зладжанасць чулася на працягу ўсяго мерапрыемства.
Сустрэча падаравала добры настрой арганізатарам і гасцям – навучэнцам ДУА «Сярэдняя школа №4 г.Салігорска» і ДУА «Сярэдняя школа №8 г.Салігорска». Да мерапрыемства была аформлена выстава «Родная мова – мой выток, мая аснова».