Мы, вядома, жывём па сучасных законах, але разам з тым не адмаўляемся ад спадчыны мінулых стагоддзяў і захоўваем вытокі народнай самабытнай культуры. І гэты ланцужок адвечных традыцый супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі не парушаюць ужо шмат гадоў. Менавіта ў праяўленні памяці і тоіцца высокая маральнасць душы беларускага народа.
20 сакавіка ў раённай цэнтральнай бібліятэцы адбыўся сапраўдны дыялог розных эпох: з аднаго боку – сучаснае жыццё з усімі рысамі і праявамі ХХІ стагоддзя, а з другога – абрады і традыцыі, якія сёння ўспрымаюцца як прышэльцы з дахрысціянскіх часоў.
Удзельнікі літаратурна – краязнаўчага аб’яднання «Вытокі» сумесна з вучнямі ДУА «Сярэдняя школа №8 г. Салігорска» падрыхтавалі фальклорную кампазіцыю абрада «Гуканне вясны». Матэрыял быў пададзены ў пазнавальнай і арыгінальнай форме, што выклікала шмат эмоцый у гасцей. Калі мы святкуем – нашыя народныя святы жывуць. Яны жывыя, пакуль мы з імі.
Да мерапрыемства была аформлена выстава «Ой, вясна вясёлая!».