Бібліятэкары Краснаслабодскай экалагічнай гарпасялковай бібліятэкі разам з выхаванцамі аздараўленчага лагера «Нашчадкі» адправіліся ў цікавае падарожжа па краіне нашых продкаў. Яны завіталі ў сялянскую хату, дзе з хлебам-соллю іх сустрэлі Гаспадар з Гаспадыняй, якія расказалі шмат цікавага пра тое, як жылі нашы дзяды, прадзеды,чым займаліся, як вялі сваю гаспадарку.
Дзеці разам з Гаспадыняй паспрабавалі паставіць у печ чугунок з бульбаю, прасавалі рушнік з дапамогай качалкі і валка. Гаспадар расказаў, як з гліны раней рабілі посуд, і прапанаваў дзецям гульню «Гарлачык». А яшчэ адгадвалі беларускія загадкі і паглядзелі, якія прыгожыя рэчы захоўваюцца ў куфары нашай Гаспадыні.
Даведаліся, як і калі беларусы выкарыстоўвалі ручнікі, і самі паспрабавалі злажыць пазл «Ручнік». Цяжкая гэта аказалася справа! А яшчэ ўсе пераканаліся ў тым, што няма нічога смачней, чым беларускі чорны хлеб ды пасыпаны соллю! Ні кавалачка не засталося!