Што за лета ў бабулі — ды без кнігі? Кацюша Вашчабровіч з бабуляй наведалі Гоцкую сельскую бібліятэку, выбралі кнігу з самай прывабнай абгорткай і разнастайнымі яркімі малюнкамі, селі ў двары чытаць — атрымалася якраз «З кнігай на колах». Вазочак — галоўны від транспарту для такой драбкі.
Кацюша літары ведае, але чытаць яшчэ добра не ўмее, затое з бабуляй і кнігай Хведара Гурыновіча «Спасибо солнышку» навучылася адрозніваць свірысцель ад ластаўкі і пчалу ад чмяля, а тое, што раней было «ой якія кветачкі», стала «васільком» і «кашачымі лапкамі».
Бібліятэкар Ермаковіч Святлана Мікалаеўна дакладна ведае, што дзяўчынка стане актыўнай чытачкай. Любоў да кнігі закладваецца ў дзяцінстве.