Будаўніка такога пашукаць —
Ён за чатыры дні зрабіў плаціну!
І ў спёку абмялелая рака
Нат берагі сухія захваціла.
Ён перайначыў плыткую раку,
Валяючы бярозы ды асіны.
Ён дрэўца, таўшчынёй з тваю руку,
Ссякае літаральна за хвіліну.
Галля ды сучча столькі ён упёр
У шлюз свой, што па ім праедзе трактар.
Такі ў яго няўрымслівы характар,
Такі ён працаўнік — рачны … .
Вунь у белым скверы на галінах
Мільгаціць агеньчык залаты.
Ты яго пачаставаць павінны,
Як прыйшоў з арэшкамі сюды.
Шэрстка на звярку ільсніцца шоўкам,
Цёпленькім, як футра, балазе.
Скочыць на плячо ён, смешна шчоўкне
І арэхі ўмомант пагрызе.
У шпакоўні ён жыве, я знаю.
І праз месяц ён цябе пазнае.
Да чаго ж гуллівы ён і вёрткі!
А завецца той звярок … .
Дзе дуб — найлепшы сябар для мяне —
Расце, які ніколі не пакрыўдзіць,
Чакаю я, пакуль кастрычнік прыйдзе
І жалудамі з неба сыпане.
Мне лёс такія выдзеліў клыкі,
Валодаю якімі надта лоўка —
Вастрэй за ўсе сталёвыя штыкі,
Яны імгненна растрыбушаць воўка!
Выходжу ноччу ў поле я ў дазор
Мяне лепш не чапаць, бо дам адпор.
Жыву і ў чарадзе я, і адзін
За дзікі нораў маю назву … .
Ёсць іклы ў мяне, бы ў самога ваўка,
Жывёла і я — толькі з воднага свету.
Палюю не толькі я на чарвяка,
Хоць, можа, не кожны і знае пра гэта.
Драпежнік, якога яшчэ пашукаць.
Злавіць мяне проста — не трэба і пяцца.
Затое не проста ўтрымаць у руках —
Уміг да крыві пакалю вашы пальцы.
Як жабры раскрыю, як рот разяўлю —
Здаецца, што ляпаю неба злаўлю.
А хіб натапыру — яшчэ будзе горш,
Паколькі я вам не пячкурык, а … .
Змалку мяне бераглі ў Беларусі,
Нат пасялілі і ў кнізе Чырвонай.
Белаю Вежаю я ганаруся,
Той, што лунае над пушчай зялёнай.
То ж пра мяне знакамітую песню
Людзям пакінуў Мікола Гусоўскі.
Крочу я ціха палянаю весняй,
Тут для мяне ёсць сняданак такоўскі:
Парасткі вельмі люблю маладыя,
Далікатэсам лічу жалуды я,
І кукуруза трапляе на зуб…
Ну а завуць мяне коратка — … .
Нораў куніцавы мае яна,
Што ўжо драпежніца, хоць і малая!
На паляванне выходзіць сцямна,
Позірк разбойніцкі ў вочках палае.
Не пападайся ні рыба, ні рак.
Можа апошняй журботнаю датай
Стацца ваш ранак — яе, як-ніяк,
Асцерагаецца нават андатра.
Нат чайчаняты ў пуховым гняздзе
Занепакоены доляю горкай:
Яйкі-крыжанкі ў хвашчы кагадзе
Выкрала амерыканская … .
Я з сабачае пароды,
І хаця ніколі зроду
Не хадзіў на ланцугу,
Але гаўкаць я магу.
Ноччу шнару па абшарах
Ціха, як на лодачцы,
Нібы ў чорных акулярах —
З паласой на мордачцы.
А зімою сплю ў нары я.
Калі ласка, мне павер:
Што б там дзе ні гаварылі —
Я не вельмі злосны звер.
Для мяне гадзіцца ў ежу
Жабка, мышка, яйка, крот…
Да ўсяядных я належу,
А завуць мяне … .
Вядомы ён любому полю, дзеці.
Паўтысячы іх відаў ёсць у свеце.
Ён лекавы, алейны, фарбавальны.
Не ведаць пра яго — недаравальна.
Раней, калі сярпом калоссе жалі,
То з іх вянкі прыгожыя вязалі,
Дзяўчаты запляталі іх у косы,
Ткачыхі ткалі ўзоры іх на кроснах.
За колер той, што працінае далі,
Яго яшчэ сіноўнікам празвалі.
У жыце залатым відаць здалёк…
Падкажаце, хто гэта? … !
Дзьме ветрык — і ляціць дэсант
Крылаты, парашутны.
І неймаверна рады сам
Я кожнаму маршруту.
Я — зубнік, кожны зубчык мой
Убіцца ў дол павінны.
І з кожнай стрэлачкі маёй
Пацягнецца расліна.
Калі ты граць на дудцы спец,
Тады зламай напалавінку
Маю пустотную сцяблінку
І моцна дзьмі ў яе, хлапец.
Бо я і ёсць той … .
Мяняюць кветкі афарбоўку,
Што ні сцяблінка — то букет.
Не аблятаюць пчолы бокам
Ружовы і чырвоны квет.
І як бы кветкі ні прасілі,
Ні пахлі водарна звідна, —
На фіялетавы і сіні
Не сядзе пчолка ні адна.
І будзе ў сотах мёд ільсніцца
І пахкім золатам свяціць,
Бо вулей цэлы ў лес ляціць.
Хто ж яго маніць? … !
Над імі ў блакітнай палудзе
Няспынна трымцяць матылі.
Квет гэтакі ўбачыш калі —
Ніколі яго не забудзеш.
Іх тысячы тут, гэта ж трэба!
А вунь у канаве яшчэ —
Бы рэха высокага неба
Па кроплях распырскана ўшчэнт.
А поўдзень і чуйны, і пудкі,
Сам, пэўна, любуецца ён:
Падобныя тварам на лён,
Цвітуць ля ракі … .
Кіслая, як шчаўе я, дый годзе,
Заплятаю баравіны густа.
Зайчык харчавацца мной прыходзіць:
Як-ніяк, я — зайцава капуста.
На трайчастых лісціках шырокіх
Я гайдаю кветачкі да ночы…
Ох і верашчаць кругом сарокі,
Як убачаць зайчыка на вочы!
Уцячэ звярок, у куст залезе.
Мусіць, ноччу вам ён і прысніцца,
Калі на паляне ў хвойным лесе
Летам паспрабуеце … .

